ХА́РАВЫЯ ВО́ДАРАСЦІ, харафіты,

лучыцы (Charophyta),

аддзел ніжэйшых раслін. 1 клас, 1 парадак, 2 сям. (нітэлавыя і харавыя), 6 родаў, каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды. Паходзяць, магчыма, ад зялёных водарасцей. Вядомы з сілуру. Утвараюць вял. зараснікі на заіленых і пясчаных грунтах у прэсных вадаёмах і апрэсненых участках мораў. На Беларусі 15 відаў з родаў нітэла, нітэлопсіс і хара.

Шматклетачныя кусцістыя водарасці знешне падобныя да некат. вышэйшых раслін (рагаліснік, хвошч). Слаявіна выш. 20—30 см, часам да 1—2 м, прымацаваная да субстрату рызоідамі. Бакавыя галіны размешчаны кальчакамі на шматклетачных вузлах. Міжвузеллі з адной доўгай клеткі, якая можа абрастаць карой з вузкіх клетак. Абалонкі клетак часам абвапнаваныя. Хларапласты зялёныя, маюць хларафілы a і b, караціноіды, запасное рэчыва — крухмал. Размнажэнне вегетатыўнае і палавое (аагамія). Выкарыстоўваюцца як угнаенне. Гіганцкія клеткі міжвузелляў — аб’ект цыталагічных і фізіял. даследаванняў (напр., біяпатэнцыялаў раслін).

Літ.:

Голлербах М.М., Красавина Л.К. Харовые водоросли. Charophyta. Л., 1983. (Определитель пресноводных водорослей СССР;

Вып. 14).

Т.​М.​Міхеева.

Да арт. Харавыя водарасці. Хара: 1 — звычайная; 2 — ломкая; 3 — шурпатая; 4 — лямцавая.

т. 16, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)